Серыя самых важных падзей у гісторыі беларускага перформанса

Падборка  |  СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА  |  ПЕРФОРМАНС  |  БЕЛАРУСЬ  |  1.04.2021

Серыя самых важных падзей у гісторыі беларускага перформанса

Падборка  |  СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА  |  ПЕРФОРМАНС  |  БЕЛАРУСЬ  |  1.04.2021

Для кожнага творчага чалавека ягоная дзейнасць часта ўспрымаецца альбо як сродак самавыяўлення, або як магчымасць прыцягнуць увагу да пэўных праблем. Раскрыць тыя рэчы, якія, на думку мастака, з’яўляюцца важнымі і актуальнымі для наваколля.

Складана сказаць, да якой катэгорыі адносяцца мастацкія перформансы, аднак, часта іх ідэя і рэалізацыя прыцягваюць больш увагі, чым манументальныя працы, плакаты альбо скульптуры тых жа самых мастакоў.

Мяркую, шмат хто з чытачоў праз асацыяцыю да слова перформанс мог бы згадаць замежных мастакоў альбо сучасных беларускіх акцыяністаў апошніх гадоў. Але зараз мы хацелі б распавесці пра самыя незвычайныя перформансы ў сучаснім беларускага мастацтва. Некалі мы ўжо рабілі таймлайн беларускіх акцый, але на той момант размова ішла менавіта пра палітычныя перформансы. Зараз гаворка будзе ісці пра акцыі розных фарматаў і зместаў, створаныя за час існавання незалежнай Беларусі.

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Photo-306 (1)

Людміла Русава

Нядаўна мы выпусцілі асобны матэрыял, прысвечаны мастачцы як пачынальніцы і пэўным сэнсе папулярызатарцы мастацкага перформанса ў Беларусі. На яе рахунку больш за 100 акцый, таму даволі складана вылучыць з іх прынамсі некалькі, якія б мы маглі ўвесці ў катэгорыю асноўных альбо галоўных у жыцці Людмілы Русавай. На жаль, далёка не ўсе з іх былі дакументальна захаваныя і захаваліся да нашых дзён. Напэўна, тут будзе варта згадаць апошні перформанс з яе ўдзелам — «Месца танцаў», які мастачка курыравала ў 2003 годзе пры садзейнічанні фатографаў Сяргея Ждановіча і Аляксея Велікжаніна. Незвычайнасць фотамантажу перадае саму тэматыку дзеяння — прастора кадра падзеленая такім чынам, каб з аднаго боку мы бачылі танцуючую ў пэўна акрэсленай прасторы фігуру, з другога — тая ж прастора падаецца ўжо без яе. Такім чынам, мастачка намагаецца даследваць тэму прысутнасці ці адсутнасці сябе ў свеце з розных пазіцый і ракурсаў.

Photo-305 (1)

Алесь Пушкін

Напэўна, самы вядомы беларускі перформер апошніх дзесяцігоддзяў, Алесь Пушкін таксама не мог не стаць героем асобнага інтэрв’ю для Chrysalis Mag. Свае першыя перформансы Алесь пачаў рабіць яшчэ ў Савецкім Саюзе — яны заўсёды былі прысвечаныя як актуальным, так і гістарычным падзеям Беларусі. Ягоныя акцыі былі надзённымі, як па змесце, так і па форме іх перадачы:  яны ніколі не мелі адназначнай рэакцыі як у грамадства, так і сярод мастацкай супольнасці. Адназначнай была толькі рэакцыя ўладаына такія «выхадкі» — за свае перформансы Пушкін неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасці, ягоныя грамадскія акцыі часта зрываліся мясцовымі чыноўнікамі.

pushkin-frames11 (1)

Калі ў нашым інтэрв’ю з Алесем Пушкіным мы ў першую чаргу акцэнтавалі сваю ўвагу на ягоных палітычных акцыях, зараз мы хацелі б з паказаць збольшага гістарычныя і сацыяльныя праекты мастака. Як, напрыклад, Дзень Волі-1988: у час, калі мала хто ў тагачасным БССР ведаў пра 71-годдзе з заснавання БНР, Пушкін, зрабіўшы 12 плакатаў, прысвечаных гэтай падзеі, разам са сваімі сябрамі ўладкаваў шэсце вуліцамі Мінска. Пушкін атрымаў вядомасць на ўвесь СССР, а таксама пяць гадоў выпрабавальнага тэрміну, з двума гадамі ўмоўна.

pushkin-frames14 (1)

Ужо ў 1995-м годзе Пушкін здзяйсняе свой гістарычны перформанс «Шляхам святога Язафата» — у ім Пушкін уладкаваў шэсце вуліцамі Віцебска, трымаючы ў руках драўляны крыж. Акцыя прысвечана уніяцкаму біскупу Язафату Кунцэвічу  — актыўнаму прыхілніку Берасцейскай уніі, за сваю жорсткасць празваны «душагубам», забітага ў Віцебску мясцовымі жыхарамі ў 1623 годзе.

Ужо ў 1995-м годзе Пушкін здзяйсняе свой гістарычны перформанс «Шляхам святога Язафата» — у ім Пушкін уладкаваў шэсце вуліцамі Віцебска, трымаючы ў руках драўляны крыж. Акцыя прысвечана уніяцкаму біскупу Язафату Кунцэвічу  — актыўнаму прыхілніку Берасцейскай уніі, за сваю жорсткасць празваны «душагубам», забітага ў Віцебску мясцовымі жыхарамі ў 1623 годзе.

Photo-307 (1)

Віктар Пятроў

Свайго часу Віктар Пятроў быў асноўным каталізатарам публічнай дзейнасці ў беларускім нефармальным мастацтве, будучы актыўным арганізатарам супольнасцей і мерапрыемстваў творчага андэграўнда. Яшчэ на пачатку 1980-х гадоў Пятроў збірае ў сябе нефармальныя мастацкія кватэрнікі, а ў 1987 годзе ініцыюе стварэнне незалежнага творчага аб’яднання «Форма» — аднаго з першых у СССР, а ўжо ў 1990 годзе — супольнасці М-арт. 

Пятроў, з’яўляючыся мастаком-перформерам, разам з Артурам Клінавым на працягу 15 год (1999-2014) яго існавання арганізоўвае міжнародны фестываль перформансаў «Навінкі».

На жаль, даволі складана знайсці нейкія дакладныя тлумачэнні ідэям і мэтам персанальных перформансаў Віктара Пятрова. Зрэшты сам мастак так апісвае матывы сваёй творчасці: «Асноўнае жаданне або ідэя, якая заўсёды мяне рухала, — гэта пазнанне ісціны. Што ёсць ісціна? Пытанне, зададзенае Пілатам Ісусу Хрысту застаецца самым фундаментальным пытаннем усіх часоў. Мастак таксама спрабуе адказаць на яго, і ў гэтым шлях маёй творчасці».

Photo-309 (1)

Аляксей Велікжанін

За той нетрывалы час, у якім Аляксей Велікжанін займаўся канцэптуальным мастацтвам, ім былі рэалізаваныя акцыя, якія адрозніваліся сваёй ідэйнай натхнёнасцю — тэмы прысутнасці/асяроддзя чалавека ў наваколлі, парадыгмы фармальнага (поп-арта) і нефармальнага ў мастацтве.

Першая акцыя мастака — «Чыстая падлога»: у 1995 годзе, у рамках міжнароднай незалежнай выставы In-formation Велікжанін… вымыў падлогу у Віцебскім мастацкім музеі, пасля чаго развесіў таблічкі на загароджах з назвай праекта на ангельскай мове, такім чынам адкрываючы мерапремства.

lr-22 (1) (1)

У наступным In-formation (1996) мастак, разглядаючы адну з экспазіцый выставы, на працягу сутак разжоўваў жуйку Stimorol, пасля чаго змясціў жуйку паміж дзвюх пласцін чорнага і празрыстага шкла і залітаваў волавам. Пасля пласціны былі змешчаныя ў рамку. У гэтым перформансе прагледжваецца дзве асноўныя лініі. Першая — перажоўваючы жуйку падчас прагляду экспазіцыі, адбываецца працэс апрацоўкі і ўспрыняцця працы менавіта маўленчарухальным (рус. речедвигательным) апаратам:  жуйка як бы паглынала адчуванні ад перагляду экспазіцыі. Другая — акцэнт робіцца на Stimorol як своесаблівым элеменце поп-арта: дагэтуль недаступны ў савецкі час прадукт жуйка з часам становіцца паўсядзённым ва ўжытку. У наступным годзе праводзіцца аналагічная акцыя — але ўжо з удзелам глядацтва пры адсутнасці самога мастака.

Сваю апошнюю акцыю Аляксей Велікжанін арганізоўвае ўжо без глядачоў — у перформансе «У белае.. У Чорнае.. У срэбра.. Золата..» мастак намагаецца перадаць ідэю паглынання сябе ў навакольным асяроддзі, расфарбоўваючы сваё цела пад колер сезонаў года і часу сутак.

У далейшым Велікжанін адыходзіць ад пазіцый канцэптуальнага мастацтва, пераходзіць у манументальны і станкавы жывапіс, над чым і працуе да цяперашняга часу.

Photo-308 (1)

Міхаіл Гулін

Пачынаючы з 2008 года Міхаіл Гулін здзяйсняе перформансы, якія можна было б абагуліць як спробу аналізу стыгматызаванасці ў грамадстве, наяўнасці пэўных стэрэатыпаў. Як гэта было — мастак чапляе на сябе таблічку з надпісам «Я не…», але паралельна з гэтым апранаецца ў адзенне, прама супрацьлеглае надпісу. Акцыі аўтарства гэтага мастака трапілі якраз у той час, калі відэафіксацыя такіх падзей стала агульнадаступнай справай.

Адна з такіх з такіх акцый у 2012 годзе, «Персанальны манумент», скончылася затрыманнем супрацоўнікамі АМАПу Гуліна і ягоных паплечнікаў з далейшымі судовымі разбіральніцтвамі — Гулін у розных плошчах горада ўсталяваў скульптуру з з трох ружовых кубоў і жоўтага паралелепіпеда. Сілавікі разгледзелі ў гэтым палітычны кантэкст, людзей затрымлівалі жорстка (адзін з удзельнікаў акцыі быў збіты), але ў далейшым дзеянні группы перформераў на чале з Гуліным былі апраўданыя судом.

Акрамя Гуліна-перформера, мастака варта таксама адзначыць і як жывапісца — ягоныя працы былі таксама намі апублікаваныя. Міхаіл неаднаразова ўдзельнічаў у беларускіх і міжнародных выставах, сам з’яўляўся куратарам выставаў у Беларусі і за мяжой.

Photo-379 (1)

Група «Бергамот»

Мастацкі дуэт Вольгі Маслоўскай і Рамана Трацюка існаваў ў перыяд з 1998 па 2014 год. За гэты час група займалася куратарствам мастацкіх праектаў, інсталяцыямі і відэаартам, але ў першую чаргу яны асацыююцца са сваімі перформансамі. У асноўным яны кранаюць тэмы камунікацыі паміж людзьмі як у самім змесце акцыі, так і ў рэакцыі публікі на яе. У далейшым сэнсавыя рамкі перформансаў пашырыліся тэмамі сацыяльнай стэрэатыпіі, самаідэнтыфікацыі і дыскрымінацыі ў грамадстве.

Адметны бок перформансаў групы — у ім маглі ўдзельнічаць як непасрэдна самі мастакі, так і, па задумцы дуэта, іншыя людзі, часам зусім выпадковыя. І наадварот — перформанс маглі прыдумаць староннія людзі, але ажыццяўляў яго «Бергамот».

Да першых акцый групы можна аднесці перформанс з цыклу «Арганічнае жыццё». У ім на працягу 10 хвілін мастакі сядзяць ў кафэ, ядуць і даюць адзін аднаму аплявухі. Усе гэтыя дзеянні здымаюцца на прыхаваную камеру, дакументуючы мастакоў і рэакцыю публікі на гэтыя дзеянні. Апошнія, зразумела, не ведаюць, што гэта перформанс, і намагаюцца ўмяшацца ў працэс, спыніць агрэсію.

p-16 (1)

У другім перформансе, здзейсненым мастакамі, праз свае дзеянні яны намагаюцца перадаць пераадоленне уяўленняўпраб сапраўдных мужчыну і жанчыну. Так, Вольга Маслоўская спілоўвае абцасы сваіх туфляў, а Раман Трацюк склейвае клеем «Момант» падэшвы сваіх чаравікаў напроўст на нагах, пасля чаго Вольга, пакульгваючы ў туфлях без абцасаў, сыходзіць з памяшкання, цягнучы нерухомага Рамана за сабой.

p-17 (1)

У наступную групу перформансаў дуэт далучае замест сябе іншых людзей. Мастакі вырашылі паўтарыць свой даўні перформанс са шклом, але для гэтага былі задзейнічаныя выпадковыя людзі — у акцыі згадзіліся паўдзельнічаць бяздомны і хатняя гспадыня. Яны трымалі шкло 70×70 см, сціснуўшы яго паміж далонямі. Трымаць яго патрэбна было як мага даўжэй, і ўжо праз 20 хвілін, паколькі трымаць больш ужо немагчыма, яно падае і разбіваецца.

p-18 (1)

Яшчэ адна акцыя падобнага фармату — да адкрыцця выставы Vogue «Бергамот» прыдумаў акцыю, прысвечаную тэме мужчынскай сексуальнасці. Дзеля гэтага яны замовілі стрыптызёра, які выканаў свой стрыптыз-нумар «Джэймс Бонд» перад вялікім люстэркам. 

У трэцюю групу перформансаў ўваходзяць перформансы «Бергамота», зробленыя іншымі людзьмі. Дзеля гэтага яны ў 2011 годзе арганізавалі конкурс на лепшую ідэю для перформанса.

p-19 (1)

Лепшай выявілася ідэя зрабіць імітацыю тэлевізійнай праграмы БТ пра становішча сексуальных меншасцяў ў Беларусі, вядучымі ў ёй павінны былі стаць самі мастакі. Сюжэт меў адлюстраваць самыя цікавыя здарэнні, актывістаў і акцыі.

Photo-378 (1) (1)

Ірына Ануфрыева

Харэографка і мастачка Ірына Ануфрыева ў сваёй творчасці паядноўвае гэтыя дзве сферы свайго жыцця, што і знаходзіць свае адлюстраванне ў ейных перформансах.

Хоць сама Ануфрыева і не лічыць сябе перформеркай, паяднанне візуальнага і цялеснага ў творчасці мастачкі — наватарства ў гісторыі беларускага перформанса — дагэтуль такога не рабіў ніхто. Асноўны канцэпт Ірына ставіць на паняцце цела як формы творчага выказвання, філасофскую ідэю і прастору ў суадносінах з іншымі аб’ектамі наваколля.

Найбольш адметны перформанс мастачкі — бута-перформанс «У пустэчы». Бута — танец, які з’явіўся ў Японіі, галоўная ўвага ў якім надаецца не форме, а спосабам руху; танцор у ім як бы намагаецца адхіліцца ад сацыяльнага боку сваёй асобы. Са словаў Ірыны: «У гэтай працы я даследую ўразлівасць любой жывой істоты, пастаўленай на грань свайго існавання, якая сутыкаецца з рэальнасцю і праяўляе сябе ў экстрэмальнай сітуацыі».

Яшчэ адзін перформанс — «Замест танцаў», праведзены ў 2018 годзе ў галерэі «Ў». Ён быў натхнёны творчасцю Людмілы Русавай, якая сваім часам аказала вялікі ўплыў на Ірыну Ануфрыеву; ёй жа і была прысвечана праца, якая, па сутнасці, з’яўляецца адгалоскам  да апошняга перформанса Русавай «Месца танцаў».

У сваім перформансе Ануфрыева на працягу пяці гадзін нерухома ляжала ў цэнтры чорнага квадрата, галава яе была акутаная чорнай тканінай. Асноўныя тэмы перформанса: туга, паражнеча, якая застаецца пасля перажытага адчаю, захаванне сябе самога яшчэ да таго, калі адбываецца фізічная смерць.

Фота на вокладцы: Максiм Шумiлiн

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Сяргея Шабохінa і даследчай платформы беларускага сучаснага мастацтва KALEKTAR.

Перадрукоўка матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Калі вы заўважылі памылку або хочаце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялах, просім паведаміць нам.

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Падобныя матэрыялы

Людміла Русава — першаўзор беларускага перформанса ў выяўленчым мастацтве
Падборка | МАСТАКI БЕЛАРУСКАГА МIНУЛАГА | ПЕРФОРМАНС
Алесь Пушкін — аблічча беларускага перфарматыўнага мастацтва
Iнтэрв'ю, 6.11.2020 | СУЧАСНАЕ МАСТАЦТВА | БЕЛАРУСЬ
Душа под диктатурой — перформанс художника Рэя О’Кинли
Арт-проект, 20.12.2020 | СОВРЕМЕННОЕ ИСКУССТВО | ПЕРФОРМАНС | БЕЛАРУСЬ

 

 

О НАС

ПОДДЕРЖАТЬ НАС

СПЕЦПРОЕКТЫ


 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ 

INSTAGRAM       TELEGRAM       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2021 
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.