Сяргей Сакума

БЕЛАРУСЬ

Chrysalis Mag пагутарыў з беларускім мастаком Сяргеем Сакумай пра пачатак яго творчай кар'еры, выставах і натхненні.

 

– Пытанні павінны быць лапідарныя, можа нават банальныя. Калі і як вы адчулі прагу да малявання? То бок, многія дзеці, канечне, малююць, але далёка не ўсе працягваюць рабіць гэта надалей. У мяне бацька мастак, ды й з першага класу ў мастацкую школу пайшоў. А як гэта было ў вас? Ці гэта нейкі інсайт адбыўся ўжо ў дарослым узросце? Маўляў, «усё, ад сёння трэба пачаць маляваць!»

– З дзяцінства ў мяне не было прагі да малявання. І я пайшоў у музычную школу, таму шта думаў, што там усім даюць скрыпку Страдывары, але атрымалася што 5 гадоў вучыўся іграць на балалайцы. У старэйшых класах школы пачаў маляваць партрэты людзей, якія мне падабаліся. І калі атрымоўвалася нейкае падабенства, тады мяне ахоплівала незразумелая радасць.

Ужо калі вучыўся ў Мінску, прайшоў перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыя па спецыяльнасці «графічны дызайн» ў БДУКМ. Вядома што за такая кароткая форма ніякай адукацыі не дае, але выкладчыкамі былі вельмі класныя беларускія дызайнеры і яны паспелі расказаць пра важныя пачаткі. Таксама тады я натрапіў на часопіс беларускай прозы «Макулатура», які выдавалі Сяргей Календа і Васіліса Паляніна. Спачатку адправіў туды апавяданне, а пасля стаў рабіць ілюстрацыі. У гэтым часопісе тэксты і ілюстрацыі мелі роўныя правы.

Зараз займаюся фрылансам. Калі-некалі ствараю плакаты, паштоўкі, вокладкі, ілюстрацыі. Нядаўна пачаў займацца таксама апрацоўкай відэа.

 

CV:

Удзельнічаў у 2 выставах ілюстрацый часопіса беларускай прозы «Макулатура».

2013 — Пад час першай выставы, прысвечанай выхаду 3-га нумара, правёў воркшоп «Суб’ектыўнае падарожжа па усходняй культуры».

2014 — Пра другую выставу ілюстрацый «Макулатуры»

2016 — Сумесная выстава з мастачкай Вольгай Якубоўскай «Прывітанне, Японія!»

2016 — Культурны салон «Муза» Кіёта

2019 — Удзел у выставе фіналістаў конкурсамаладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі «Арт-Прадмова»

 

Усе выявы ўзятыя з афіцыйнага сайта мастака

Youtube
Behance
Instagram
Facebook

Перадрук матэрыяла магчымы толькі з дазволу рэдакцыі

Тэкст і інтэрв'ю: Павел Дарохин

 

3e17fc2f-9f48-4897-b976-c7cbe88d2ee5_rw_1920
北海道02

– Я тады яшчэ некалькі пытанняў вам задам, калі можна. 1. Як вам супрацоўніцтва з «Макулатурай», наколькі для вас быў важны такі досвед. 2.Ці арыентуецеся вы на чыесьці творчасць, і, больш шырока, якое мастацтва ўплывае на ваш густ? 3. Што вы думаеце пра японскую школу графічнага дызайна, ці варта вылучаць яе, як нейкі асобны феномен? Чым адрозніваецца японская эстэтыка ад беларускай?  4. Якія праекты, над каторымі працуеце зараз, вы б вылучылі як найбольш важныя/цікавыя?

– 1. Супрацоўніцтва з Макулатурай. Я ўдзячны часопісу Макулатура, Васілісе Палянінай і Сяргею Календзе (рэдактарам часопіса), за тое, што ў той час адказалі на мой ліст і дазволілі маляваць ілюстрацыі. Як я казаў, нам, мастакам, прысылалі тэксты, і мы пачыналі прыдумляць. Не было ніякіх абмежаванняў, і гэтая свабода стварала добрыя ўмовы для эксперыментаў. Напрыклад, для «Славацкага нумара» давялося нават вышываць ілюстрацыю.

Калі твае ілюстрацыі з’яўляюцца ў друку, а пасля вісяць на выставе побач з выдатнымі мастакамі, то гэта надае ўпэўненнасці. Гэтай ўпэўненнасці хапіла нават на тое, каб правесці воркшоп (дзе вядома ж, я не вучыў, як маляваць, бо і сам невучоны. А расказваў, як узнікаюць ідэі і ў якіх кантэкстах жывуць ілюстрацыі). Гэта ўпэўненнасць праяўляецца і зараз, калі я, знянацку нават для сябе, адпраўляю свае працы на які-небудзь конкурс.

 

4c202621-e01e-459f-96a7-9679d8dbd552_rw_1920

2. Пра ўплывы. Шагал. Бо пэўна, Віцебск быў першым вялікім горадам, які я ўбачыў. Дагэтуль захоўваецца нейкае казачнае адчуванне, што людзі і козы там лётаюць над стрэхамі, нікому не замінаючы. І калі бачыш карціны Шагала ў розных кніжках, краінах, зборах, то быццам глядзіш праз вакно віцебскага трамвая.

З японскіх мастакоў-ілюстратараў адзначу сусветна вядомых Кусама Яёй і Такасі Муракамі, з іх яркімі колерамі, вобразамі на мяжы вар’яцтва, якія хапаюць цябе і цягнуць з хуткасцю як электрычныя вуды з глыбіні сэнсу на паверхню. Ці вось у мінулым месяцы я наведаў музей ілюстратара Міцумаса Ано. Музей знаходзіцца ў невялікай вёсцы, побач — рэстаран з выкшталцонай ежай, прыгатаваннай з гародніны з навакольнага саду-агарода. І людзі едуць за 100 кіламетраў, каб пачаставацца. Будынак музея пабудаваны вядомым архітэктарам Тадао Андо. Звычайна ён будуе простыя бетоныя канструкцыі, але для ілюстратара Ано ён зрабіў будынак цалкам драўляным. Арганічныя, як ежа без ГМА, колеры, вялікая колькасць рысак, з якіх вырастаюць палі і будынкі на ілюстрацыях Ано, наводзяць на думку, што і рэстаран, драўляны будынак музея, і гарбата з лістоў шоўкавага дрэва не выпадковасць, а дэталі нейкага апавядання. Так і ёсць, нават у прозвішчы дырэктаркі ўсяго гэтага комплекса ёсць іерогліф са значэннем «шоўкавае дрэва».

 

5e8501de-0479-42a9-bc3c-401dac86a9af_rw_1200

3. Пра японскую школу графічнага дызайна пакуль ведаю не шмат. Але планую даведацца больш і расказаць тое-сёе цікавае на старонцы ў фэйсбуку. Адно назіранне наконт японцаў. Здаецца, ў іх асаблівае стаўленне да ілюстрацыі. Бо як казаў мой сябра японец, пакуль ён вучыўся ў школе, ён усе веды атрымоўваў, чытаючы мангу (японскі комікс).

4. Пра японскую эстэтыку. Я думаю, што вельмі цяжка казаць пра эстэтыку беларусаў ці японцаў, бо для кожнага чалавека ўласцівы свае ўяўленні пра прыгажосць і яны мяняюцца кожную хвіліну. Вось напрыклад, кажуць, што японцам падабаецца тое, што хутка знікае. Напрыклад, цвяценне сакуры адбываецца раз на год і толькі некалькі дзён. Аднойчы я спытаў у знаёмай японкі: чаму японскія вучоныя не вырасцяць сакуру, якая б цвяла ўвесь год? На што яна адказала: ну тады, ніхто не пайшоў бы на яе глядзець. Ці вось яшчэ, пісьменнік Юкіа Місіма стварыў вобраз манаха, які спаліў Залаты храм у Кіёта, быццам таму, шта сапраўдная прыгажосць непавінна быць вечнай. Але ў рэальнасці хто ведае, што было ў галаве ў таго манаха, якому паставілі дыягназ шызафрэнія і які памёр праз 5 год пасля гэтага выпадку, якраз тады, калі Залаты храм пачалі рэканструяваць.

 

fd83ba51-2124-425a-a9d4-d8679f96b873_rw_600

5. Пра праекты. Вось ужо другі год запар раблю плакат і праграму канцэрта сімфанічнага аркестру ў горадзе Міно (префектура Осака), дзе жыву. У мінулым годзе была касмічная тэма, спалучэнне традыцыйнага летняга свята Танабата і легенды пра зайца на месяцы. А гэтым — тэма энергіі ветру, якую выпрацоўвае сімфанічны аркестр, па-ангельску wind orchestra, і якая пасля перадаецца слухачам і іх электронным прыладам. Зараз працую над праектам маленькай падарожнай кнігі па родным горадзе Орша па-беларуску, ангельску і японску. Зацікаўлены ў любым супрацоўніцтве.

 

ac677548-3bbb-4279-8557-9c097d0031fc_rw_1200
07420ff4-728a-40f7-953f-79363455388a_rw_1920
96c9a963-24e4-4e0f-9841-83af612ac46a_rw_1920
a3f5a91c-48ad-4134-b48d-21e9b2bb5a9b_rw_1200

 

 

ABOUT 

 

FOLLOW US 

INSTAGRAM  

 

© Chrysalis Mag, 2018-2020