Калядны цуд. Як гэта выглядала і выглядае?

Веданне  |  БЕЛАРУСЬ  |  5.01.2022

Калядны цуд. Як гэта выглядала і выглядае?

Веданне  |  БЕЛАРУСЬ  |  5.01.2022

Зімовыя святы былі і застаюцца аднымі з самых галоўных у нашым календары. Па сённяшні дзень сем’і з розных куткоў краіны збіраюцца разам, каб адзначыць Каляды. У нашым святочным матэрыяле мы разам з праектам «Традыцыйны строй», які робіць віртуальную энцыклапедыю народных строяў Беларусі, разбярэмся, як выглядаюць сучасныя Каляды з улікам стагадовых традыцый, а таксама раскажам пра месца, дзе нават мінчане могуць да іх дакрануцца.

K-11 (1) (1)

Фота: Мікалай Лешчанка / Абрад «Конікі» / 2016

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Што такое Каляды і калі іх святкуюць?

Калі гаворуць пра беларускія зімовыя святы, адразу ўзнікае асацыяцыя з калядаваннем і калядоўшчыкамі, якія ходзяць па хатах і спяваюць песні. Але трэба ведаць, што гэта толькі частка святаў. Насамрэч беларускія Каляды цягнуцца два тыдні і ў людзей рознага веравызнання пачынаюцца і заканчваюца ў розныя даты.

Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага, або зімовага, сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году — як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, заканчвалі 6 студзеня. Людзі варажылі і гулялі, праводзілі цікавыя абрады падчас зімовых святаў. Але калі на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом — Вадохрышча. Зараз каталікі святкуюць Каляды па старых датах з 24 снежня па 6 студзеня, а праваслаўныя адзначаюць свята з 6 па 19 студзеня.

image13

Фота: Белта / Тэатралізаваная імпрэза «Каляды». Удзельнікі народнага ансамбля «Прыдняпроускія сяброукі» /  Магілёў, 1989

У гэтыя дні праводзяць абрадавыя вячэры, на якія абавязкова гатуюць куццю — густую кашу, прыгатаваную з ячменю і запраўленую мёдам. Усяго павінна быць тры вячэры з «беднай» або «поснай», «багатай» або «шчодрай» і «вадзяной» куццёй.

Само калядаванне было толькі часткай усіх Каляд, якая праходзіла вечарам другога дня.

000022_06E324DBF119FDB1432586550037D19F_235165 (1)

Фота: Белта / Удзельнікі народнага ансамбля «Прыдняпроускія сяброукі» / Магілёў, 1989

 

Старажытныя традыцыі. Адзенне

У калядны час сяляне апраналіся ў самае лепшае адзенне. Увогуле лічылася, што Каляды трэба сустракаць у найлепшым выглядзе: чыстымі і фізічна, і духоўна. Таму перад святам заўсёды рабілі генеральную ўборку ў хаце, шылі ці набывалі новую вопратку, мыліся ў бані і пераапраналіся.

Агульнага асаблівага строя для Каляд не было. Людзі, як і зараз, прыбіраліся проста ў лепшае, каб сустракаць свята. Таму на Каляды ўсе былі ў розных святочных строях. Так зімовыя святы маглі адрознівацца па ўсёй краіне нават візуальна — кожны быў у сваіх прыгожых строях. Вось, напрыклад, так выглядаў  Вілейскі строй. Падрабязней яго можна будзе ўбачыць у новым відэа праекта «Традыцыйны строй».

K-2 (1)
K-3 (1) (1)

Фотаздымкі Вілейскага строя з новага відэа праекта «Традыцыйны строй»

Але заўсёды калядоўшчыкі мелі пэўныя ролі, якія адыгрывалі пры гаспадарах хат. Каб зрабіць гэтыя ролі больш цікавымі і яркімі акрамя лепшага святочнага адзення рабілі абрадавыя касцюмы. Гэта маглі быць спецыяльныя маскі або асобым чынам апранутыя рэчы, якія сімвалізавалі свята. Напрыклад, каб зрабіць Казу, на чалавека апраналі вывернутае мехавое аддзенне такім чынам, каб футра было на добрай старане, і самастойна рабілі маску жывёлы. 

Кожны калядоўшчык, апрануты ў свой «касцюм» сімвалізаваў пэўную міфалагічную істоту, чалавека або жывелу. Самымі распаўсюджанымі на Каляды былі і застаюцца ролі Казы, Мядзведзя і яго Павадыра, Механошы, Зорканошы, Цыгана. Таксама сярод калядоўшчыкаў могуць быць Чорт, Дзед, Баба і іншыя.

K-4 (1) (1)

Калядная зорка з новага відэа праекта «Традыцыйны строй»

image8 (1)

Унікальная маска Дзеда-продка з каляднага абрада Шчадрэц у вёсцы Восава

 

Тое, што захавалася да нашых часоў. Калядныя абрады

У кожнай частцы Беларусі былі свае асаблівасці не толькі ў тым, як людзі апраналіся, але і ў тым, што яны рабілі на Каляды. Так у розных кутках краіны можна знайсці некаторыя непаўторныя традыцыйныя абрады, якія захаваліся і да нашых дзён. 

Верагодна, адзін з самых знакамітых абрадаў, пра які вы маглі чуць у інтэрнэце, — «Калядныя цары» з вёскі Семежава. Яго гісторыя пачынаецца з XVIII стагоддзя, калі недалёка ад вёскі стаяла войска царскай арміі. Як сведчыць паданне, у дні святкавання Новага года па Юліянскім календары салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, паказваючы розныя сцэнкі, за што гаспадары адорвалі іх пачастункамі. Пасля таго, як армія пакінула вёску, абрад не толькі захаваўся мясцовымі жыхарамі, а яшчэ і развіўся ва ўнікальнае каляднае дзейства з самабытнымі песнямі, танцамі, касцюмамі і прадметамі побыту. У сучасных «Калядных царах» удзельнічаюць мясцовыя жыхары і непрафесійныя акцёры. Уся працэсія наведвае дамы вяскоўцаў і разыгрывае шумную тэатралізаваную дзею, якая, па прыкмеце, прыносіць гаспадарам хаты мір, згоду і багацце. 

У 2009 годзе абрад быў уключаны ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.

Другі вельмі прыгожы калядны абрад — «Конікі», які праводзяць у Давыд-Гарадку Брэсцкай вобласці. 

Гэта традыцыя стала сапраўдным беларускім карнавалам, для якога спецыяльна выконвалі і беражліва захоўвалі да Шчодрага вечара касцюмы. Выглядае гэта так: на Каляды маладыя мужчыны з Давыд-Гарадка робяць для сябе «коніка» з двух лазовых кошыкаў, змацаваных паміж сабой. Да гэтай канструкцыі далучаюць стары валёнак з доўгай халявай, з якога атрымліваецца морда і шыя каня. Валёнак абшывалі белай тканінай. Зверху на яго прымацоўвалі чорную грыву, якую рабілі са старога кажуха. Чорным вугалем малявалі вочы каню. А кошыкі пакрывалі белай тканінай так, каб паміж двума кошыкамі мог улезці хлопец — ён выконваў ролю вершніка на кані.

image2

Фота: Мікалай Лешчанка / Абрад «Конікі» / 2016

Чалавек у вобразе Коніка вёў за сабой па вуліцы ўсю астатнюю калядную працэсію, якая гучна спявала святочныя песні. Яны маглі спыніць любога мінака і папрасіць гасцінца або грошай. Таксама Конікі маглі зайсці ў магазін ці ў хату. Калі Конікаў чакалі, то запальвалі ўвечары святло, а калі не жадалі, каб яны прыходзілі — выключалі.

На гэты абрад рабілі і іншыя маскі. Традыцыйнымі сталі: сам Конік, Дзед, Баба, Казёл, Мядзведзь, Баран, Бусел, Смерць, Чорт, Воўк, Бык і Скарбнік.

K-14 (1) (1)
K-8 (1) (1)

Фота: Мікалай Лешчанка / Абрад «Конікі» / 2016

 

Дзе шукаць месца, каб дакрануцца да традыцый?

Насамрэч для таго, каб стаць сапраўдным калядоўшчыкам, амаль нічога не патрэбна. На YouTube-канале TRADYCYJA можна знайсці відэа з інструкцыямі па калядаванні, майстэр-класамі па вырабу маскак Казы і Каляднай зоркі і цікавымі гульнямі і абрадамі. Усё гэта сабрана ў адным плэй-лісце. Калі паглядзець усе відэа і зразумець, што рабіць і як апранацца, можна хадзіць да сяброў калядаваць. 

Але, калі вы шукаеце асобныя мерапрыемствы, то можна звярнуць увагу на экскурсіі ў Нацыянальным музеі народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіца недалёка ад Мінска. З 2 студзеня там ладзяць цікавыя праграмы: інтэрактыўныя экскурсіі і акцыі. Кожная з іх датычыцца калядных свят або ўвогуле беларускіх зімовых традыцый. Гэта агульныя мерапрыемствы, на якія можна трапіць па ўваходным квітку ў музей. Каштаваць яны будуць для дарослых — 8 руб., для школьнікаў і студэнтаў — 4 руб., а для дзяцей дашкольнага ўзросту — бясплатна. Падрабязней пра час і дэталі мерапрыемстваў шукайце па спасылцы

У музеі можна замовіць і экскурсію на ўласную групу. Тут, як і ў агульных мерапрыемствах, ёсць выбар праграм . Усе кошты і апісанні па спасылцы. Музей абяцае, што будзе цікава.   

Фота на вокладцы: Калядная зорка з новага відэа праекта «Традыцыйны строй».

Перадрукоўка матэрыялу або фрагментаў матэрыялу магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Калі вы заўважылі памылку або хочаце прапанаваць дадатак да апублікаваных матэрыялах, просім паведаміць нам.

ПАДЗЯЛIЦЦА:

Падобныя матэрыялы

Топ 8 кніг пра беларускую культуру і мастацтва
Падборка, 10.10.2021 | БЕЛАРУСЬ
4 аккаунта о культурном наследии Беларуси
Подборка, 8.04.2021 | БЕЛАРУСЬ
8 беларусских художников, чьи иллюстрации можно найти в книжных по всему миру
Подборка, 24.12.2021 | БЕЛАРУСЬ

 

 

КОНТАКТЫ

 

СЛЕДИТЕ ЗА НАМИ

INSTAGRAM       TELEGRAM       FACEBOOK       YOUTUBE

 

© Chrysalis Mag, 2018-2022
Использование материалов или фрагментов материалов
возможно только с письменного разрешения редакции.